У Чырвоным касцёле развіталіся з Рыгорам Барадуліным
2 сакавіка 2014 года на 79 годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр Рыгор Барадулін. Развітанне з чалавекам, пасля якога званне Народнага паэта Беларусі больш ніхто не атрымліваў, адбылося 4 сакавіка ў Чырвоным касцёле ў Мінску.
Развітацца з Рыгорам Барадуліным прыйшлі сотні чалавек. Былі тут людзі як маладыя, так і старэйшага веку. Спачатку прайшла так званая ціхая малітва, а потым развітальная паніхіда ў грэка-каталіцкім абрадзе і памінальная святая імша ў рыма-каталіцкім абрадзе. Перад выездам на могілкі ва Ушачы развітальныя словы ўзялі сябры Дзядзькі Рыгора.
Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Вядомы беларускі паэт, эсэіст і перакладчык. Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969 г.), «Мастацкая літаратура» (з 1972 г.). Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984 г.).
З’яўляўся сябрам СБП ды Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1990 да 1999 — ягоны прэзідэнт), сябрам Партыі БНФ. З 1995 да 1997 году быў сябрам кіраўніцтва Беларускага Фонду Сораса.
Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскім ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 г.), медалем Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званне Народнага паэта (1992 г.). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976 г.) і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1976 г.) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады Гарсіі Лоркі.
У 2006 г. кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты», — паведамляе Вікіпедыя.
Апошнім часам цяжка хварэў, але ж нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, кажуць, не губляў добрага пачуцця гумару і аптымізму.
(14 фота) Смотреть далее »