На Палессі адбыўся кулінарны фэст «Мотальскія прысмакі»
У спякотную суботу 10 жніўня карэспандэнт BNP.BY ласавалася каўбасой і вучылася ганчарнаму рамяству. Дзеля гэтага варта было паехаць у палесскі аграгарадок Моталь, што ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Тут праходзіў шосты міжнародны кулінарны фестываль «Мотальскія прысмакі».
Гл. таксама: Первый сырный фестиваль прошел 15 июня под Минском і Лучшую корову Беларуси выбрали под Минском
Адразу хочацца зазначыць: гэты фэст — не тыповы «агратрэш» накшталт «Дажынак». Тут гучалі беларускія песні і спевы на дыялекце, а не гарланіў з усіх калонак Стас Міхайлаў. У «горадзе майстроў» было шмат рамеснікаў з уласна беларускімі таварамі: рушнікамі, глінянымі жбанамі, саламянымі ўпрыгожваннямі, плеценымі з лазы кошыкамі дый іншымі хэндмэйд-вырабамі. І, вядома ж, паколькі фестываль кулінарны, тут елі беларускія стравы і пілі медавуху ды квас.
Некалі глухая палесская вёска, а зараз — аграгарадок, дзе жыве больш за чатыры тысячы чалавек, праславіўся сваімі каўбасамі. Жыхары кажуць, што каўбасная вытворчасць у Моталі працуе без малага сто гадоў. Уся прадукцыя ствараецца па рэцэптах, якія дасталіся ад дзядоў.
Ладзіцца фестываль ужо шосты год запар. За гэты час «Мотальскія прысмакі» здабылі міжнародную славу. Каля павільёнаў з мясцовымі дэлікатэсамі давялося сустрэць і расіянаў, і украінцаў, і палякаў. Не кажучы ўжо пра беларусаў з розных куткоў краіны: з Віцебску, Мінску, Бабруйску і інш.
(12 фото)
Да прыезду гасцей маталяне падрыхтаваліся: цэнтральную вуліцу адрамантавалі, газоны ўпрыгожылі інсталяцыямі з прадуктаў і падручных матэрыялаў. Атрымалася даволі міла і крэатыўна, хаця часам і смешна.
Кулінарнае свята трапна дапоўнілі рамеснікі. Яны прыехалі сюды не толькі каб прадаць свае вырабы. Майстры ахвотна дзяліліся сваімі ўменнямі з усімі ахвочымі і па просьбах зацікаўленых ладзілі майстар-класы. Напрыклад, мне давялося літаральна дакрануцца да ганчарнага рамяства. Майстар Віталь Шапялевіч з Ганцавічаў упэўнены, што гліняны жбан робіцца яшчэ прасцей, ніж «пальцам пханая» каўбаса. «Галоўнае — з душой рабіць. Калі гатуеш ежу з добрым настроем, то яна смачная. І калі да гліны падыходзіш з любоўю — яна амаль што сама прымае патрэбную форму», — патлумачыў рамеснік.
Наведвальнікаў «Мотальскіх прысмакаў» таксама чакалі майстар-класы па прыгатаванню нацыянальных страваў ад вядомых кулінараў — Аляксандра Чыкілеўскага з Мінску і Заммі Шрайбера з Ізраіля.
Напрыканцы дня маталян і гасцей фэсту чакалі феерверк і дыскатэка.
Фота і тэкст: Аксана Бровач
Tags: Photo Belarus, кулінарны фестываль, Мотальскія прысмакі, фото Беларусь
[…] таксама: На Палессі адбыўся кулінарны фэст «Мотальскія прысмак… і ХХ Минская международная книжная выставка-ярмарка […]
[…] также: Чемпионат по конкуру прошел в Бресте, На Палессі адбыўся кулінарны фэст «Мотальскія прысмак… и Первый сырный фестиваль прошел 15 июня под […]