«Ляпіс Трубяцкі» прэзентаваў беларускамоўны альбом у Вільні
30 лістапада ў Вільні Ляпіс Трубяцкі прэзентаваў свой першы беларускамоўны альбом «Грай». Гурт з аншлагам выступіў на самай вялікай пляцоўцы Літвы — «Siemens Arena», якая сабрала 11 тысяч фанатаў забароненых у Беларусі рокераў. Гэта быў адзіны ў сваім родзе канцэрт — Ляпісы не плануюць выступаць з праграмай «Грай», а ў Расіі і іншых краінах працягнуць тур з праграмай «Lyapis Crew».
Гл. таксама: Фестываль «Камяніца» адзначыў юбілей і «Арт Сядзіба» сабрала «Сапраўдны беларускі канцэрт»
Рэліз першага цалкам беларускамоўнага альбома «Грай» гурта «Ляпіс Трубяцкі» адбыўся 1 лістапада ў інтэрнэце. Сам альбом складаецца з 10 раней выдадзеных трэкаў з новым майстарынгам і двух новых песень – «Месяц» і «Сонейка». Песні на беларускай мове сталі важным складнікам творчасці гурта пасля «перазагрузкі» і змены вектару развіцця «Ляпісаў» у 2007 годзе. У гэтых песнях лідар «Ляпіса Трубяцкога» Сяргей Міхалок, як правіла, кажа пра самае важнае для сябе, людзей і краіны.
Арганізатары канцэрта яшчэ летам планавалі рэклямаваць канцэрт у Мінске — ва ўстаноўленым законам парадку забраніравалі каля 20 бігбордаў ў Мінску, аднак Мінскі гарвыканкам наклаў вета на знешнюю рэкламу канцэрту «Грай». На стадыі зацвярджэння рэкламнага макета ў Камітэце па ідэалогіі гарвыканкама кампанія была забаронена без тлумачэння прычын, нягледзячы на тое, што на афішах і бігбордах гурт «Ляпіс Трубяцкой» нават не згадваўся.
За некалькі дзён да канцэрта Партыя БНФ пачала бясплатна раздаваць бел-чырвона-белыя сцягі. Як паведаміла партыя на сваёй старонцы ў Фэйсбуке, «нацыянальны сцяг на канцэрце — гэта стыльна, модна, маладзёжна. Зробім Вільню на гэты дзень бел-чырвона-белай! Хочаш паехаць на беларускі канцэрт Ляпісаў з Беларускім сцягам? Прыходзь на сядзібу Партыі БНФ, пакажы квіток на канцэрт і атрымай нацыянальны сцяг у падарунак“. БЧБ-сцягі луналі не толькі на Сіменс-Арэне, але і па ўсёй Вільні да і пасля канцэрта.
(37 фота) Смотреть далее »