Алег Хаменка аднавіў Калядныя сустрэчы
Калядныя сустрэчы з Алегам Хаменкам цяпер і ў клюбным варыянце. У сталічным клюбе Cafe Loft прайшла калядная вечарына, арганізаваная гуртом Палац пры падтрымцы музычнага парталу Тузін Гітоў і грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Падчас імпрэзы можна было ня толькі затаньчыць пад калядныя хіты гурту Палац, атрымаць асалоду ад праніклівага выступу гурта Дзівасіл, але пабачыць і узяць удзел у традыцыйным калядаванні, якое арганізаваў гурт Guda.
Гл. таксама: Гурт Палац спраўляе 20-годдзе двума новымі рэлізамі і Гурт «Крама» адсвяткаваў 21-годдзе ў Гудвіне
Яшчэ на падыходзе да клюбу, мы былі прыемна зьдзіўленыя колькасьцю жадаючых узяць удзел у вечарыне. Яшчэ да пачатку мерапрыемства ў клюбе амаль не было вольных месцаў. Лідар гурта Алег Хаменка з задавальненнем і надзеяю адзначыў, што цяпер можна будзе казаць пра пачатак новай традыцыі клюбных калядак:
— Не хацелася б канешне, каб вечарына пераўтваралася ў Новы Год дубль два. Таму мы паглядзім, як пройдзе сёняшні вечар, зробім пэўныя высновы. А пасьля будзем плянаваць і арганізоўваць вечарыну з таго вопыту, што ўжо маем. На сёлеташняй вечарыне плянаваўся калядны дрэс-код. Але пакуль што госьці неахвотна падтрымалі гэтую ідэю. Думаю, што ў наступным годзе дрэс-код будзе больш сур’ёзны.
Ідэю калядных касьцюмаў падтрымалі дзяўчыны з адной са сталічных мадэльных школаў. Яны упрыгожыліся кветкамі і вянкамі. Як кажуць самі дзяўчыны, ідэя ім вельмі спадабалася, а таму б яны вельмі хацелі працягу такіх камеральных свьяточных вечарынаў.
Ну і канешне не абыйшлося без калядоўшчыкаў зь казою, мядзьведзем і буслом. Тэатралізаванае прадстаўленне, арганізаванае этна-гуртом Guda, захапіў усіх без выключэння гасьцей вечарыны.
— Мы паказваем сапраўдныя, аўтэнтычныя традыцыі калядавання на Беларусі. – кажа адна з удзельніцаў гурта Guda Наста Шпілеўская. – Мала таго, што мы самі ходзім калядаваць штогод, нам хочацца, каб народныя беларускія традыцыі жылі і карысталіся попытам асабліва ў моладзі. Вельмі прыемна, што нашыя добрыя сябры грут Палац нам у гэтым дапамагае. Ну і вельмі прыемна, што так шмат людзей прыйшло. Будзем спадзявацца, што гэта не ў апошні раз.
(24 фота) Смотреть далее »