«Крама» атрымае ўзнагароду за ўнёсак у беларускі рок на прэміі Rock Profi
24 красавіка ў клубе Tarantino адбудзецца ўручэнне прафесійных музычных узнагарод Rock Profi па выніках 2013 года. Ужо вядома, што прыз у намінацыі «За ўнёсак» атрымае «Крама», якая з гэтай нагоды зайграе для гледачоў і гасцей узнагарод 60-хвілінны сэт. Арганізатары беларускай прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi абвесцілі шорт-ліст прэтэндэнтаў па выніках 2013 года. Па тры намінацыі атрымалі рок-гурты «Петля пристрастия», BosaeSonca і эксперыментальны праект Pafnutiy’s Dreams. Усе тры калектывы прэтэндуюць на прыз у намінацыях «Лепшы альбом» і «Лепшы запіс». «Петля пристрастия» таксама прадстаўлена ў катэгорыі «Лепшая песня», а BosaeSonca і Pafnutiy’s Dreams – у катэгорыі «Дэбют года».
Апроч вышэйзгаданага трыа ў намінацыі «Лепшы альбом» і «Лепшы запіс» прадстаўлены трыумфатар нядаўніх узнагарод Experty.by – Pukstband з дыскам «Последний альбом». Сярод іншых намінантаў гурты «Ляпіс Трубяцкі», «Серебряная свадьба», The Toobes і Akute, якія паспрачаюцца за тытул «Артыст года».
Прэмія Rock Profi ладзіцца сярод музыкаў у стылістыцы рок, інды, альтэрнатыва другі год запар. Ад іншых цырымоній яна адрозніваецца тым, што лепшыя песні, альбомы, запісы і найбольш паспяховых артыстаў у яе межах абіраюць не журналісты, прамоўтэры і прадусары, а тыя, хто непасрэдна стварае музыку. У гэтым годзе ў журы ўзялі ўдзел 46 выканаўцаў і гуртоў, якія выдавалі паўнафарматнікі ў 2011-2013 гадах.
Ужо вядомы першы пераможца – гурт «Крама», якому большасць музыкаў аддалі свае галасы ў намінацыі «За ўнёсак» у сувязі з 20-годдзем дэбютнага альбома «Хворы на рок-н-рол» (1993). Гэта адзін з найбольш уплывовых дыскаў у гісторыі беларускай рок-музыкі, які падараваў нам хіты «Хворы на рок-н-рол», «Бяжы, хлопец», «Выпі са мной да дна», «Будзь разам з намі». Як не дзіўна, але першапачаткова ён быў запісаны на англійскай.
– Мы мелі на руках некалькі гатовых песень на беларускай, але магчымасці запісаць цэлы альбом не было, – распавядае вакаліст «Крамы» Ігар Варашкевіч. – Потым праз сяброў мы пазнаёміліся з англічанінам Нэлам, які наогул займаўся матацыкламі. Але яму настолькі спадабаліся нашыя песні, што ён вырашыў адкрыць пад нас у Англіі лэйбл і даў нам грошы на запіс англамоўнага альбома. Мы прапісалі трэкі ў Мазыры, а потым аддалі на звядзенне і мастэрынг у Англію. Паралельна цішком ад англічан скапіравалі запісы, дапісалі да іх вакал на беларускай і вось такім чынам атрымаўся «Хворы на рок-н-рол». А англамоўныя запісы потым выйшлі ў Англіі ў выглядзе альбома «Vodka On Ice». Яго прасоўванне правалілася праз тое, што нам не далі дазволу на працу, каб мы маглі прыехаць з канцэртамі. Але калі б не гэты праект, дык хто яго ведае, калі і як бы выйшаў наш першы дыск.
У межах цырымоніі «Крама» дасць гадзінны настальгічны канцэрт. Намінанты ў астатніх пяці катэгорыях Rock Profi будуць абвешчаны на гэтым тыдні. Прэмію ладзяць студыя «Осмас» і партал Experty.by пры падтрымцы паб-клуба «Графіці». Генеральны інфармацыйны партнёр – белорускі партал TUT.BY.
Лепшы альбом:
BosaeSonca «Адпусці»
Pafnutiy’s Dreams «The Sandman»
Петля пристрастия «Фобос»
Pukstband «Последний альбом»
Лепшы запіс:
BosaeSonca «Адпусці»
Pafnutiy’s Dreams «The Sandman»
Петля пристрастия «Фобос»
Pukstband «Последний альбом»
Лепшая песня:
Clover Club «East China Shore»
Петля Пристрастия «ТЭЦ»
Паліна Рэспубліка «Лета»
The Toobes «Say Hello To My Baby»
Дэбют года:
BosaeSonca
My Ocean
аркестр Смена
Pafnutiy’s Dreams
Артыст года:
Akute
Ляпіс Трубяцкі
Серебряная свадьба
The Toobes
24 красавіка ў клубе Tarantino – прэмія Rock Profi і выступ гурта «Крама». Пачатак у 19.00. Квіткі ў продажы з 17 красавіка: танцпол – 80 тыс. руб. (у касах Kvitki.by), столік – 100 тыс. руб. (у клубе). Даведка: 377 80 00 (vel, мтс). Адрас клуба: Кастрычніцкая, 5 (зваротны бок КЗ «Мінск»).
Tags: Rock Profi, Rock Profi 2013, Крама