10 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень супраць сьмяротнага пакараньня

10 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень супраць сьмяротнага пакараньня. У гэты дзень праваабаронцы Беларусі традыцыйна праводзяць сустрэчы з журналістамі і сваякамі пакараных і асуджаных да сьмерці. У праваабарончым цэнтры «Вясна» адбылася прэсавая канфэрэнцыя з удзелам праваабаронцаў і маці асуджанага Паўла Селюна Тамары Сялюн, а таксама Любові Кавалёвай, маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва, які быў абвінавачаны ва ўдзеле ў падрыхтоўцы тэракту ў менскім мэтро.

Smertnaya-kazn-v-Belarusi-press-konf-1

Маці асуджанага да сьмяротнага пакараньня Паўла Селюна Тамара Сялюн праз журналістаў і праваабаронцаў зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам памілаваць яе сына. Тамара Сялюн просіць Аляксандра Лукашэнку знайсьці магчымасьць сустрэцца зь яе сынам, каб пераканацца, што гэта чалавек, якому варта дараваць жыцьцё.

Тамара Сялюн кажа, што яна рабіла шмат спробаў, каб запісацца на прыём да Аляксандра Лукашэнкі, але нічога не ўдалося. Зараз яе адзіная надзея — гэта памілаваньне з боку прэзыдэнта.

17 верасьня Вярхоўны суд Беларусі зацьвердзіў прысуд Гарадзенскага абласнога суду адносна Паўла Селюна, які ў 2012 годзе забіў двух чалавек. Тамара Сялюн, калі апошні раз бачылася з сынам у ізалятары на Валадарскага, казала, што той напісаў прашэньне аб памілаваньні. Ён таксама спадзяецца на гуманнасьць Аляксандра Лукашэнкі.

(6 фота)

Smertnaya-kazn-v-Belarusi-press-konf-4

Праваабаронца Андрэй Палуда, які ў праваабарончым цэнтры «Вясна» займаецца праблемай сьмяротнага пакараньня, паведаміў, што як прадстаўнік Паўла Селюна ён адправіў у Камітэт правоў чалавека ААН заяву, якая была зарэгістраваная на пачатку кастрычніка, са скаргамі на прысуд.

Smertnaya-kazn-v-Belarusi-press-konf-2

Палуда паведаміў, што ён праінфармаваў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, Міністэрства замежных спраў і Генпракуратуру пра тое, што заява ад Паўла Селюна зарэгістраваная ў Камітэце правоў чалавека ААН 2 кастрычніка 2012 году, і, такім чынам, паводле закону прысуд яму ня можа быць выкананы да разгляду скаргі ў Камітэце правоў чалавека ААН.

У Беларусі былі прэцэдэнты, калі прысуды выконваліся, нягледзячы на тое, што Камітэт правоў чалавека ААН прымаў для разгляду скаргі ад асуджаных на сьмерць. Так, у прыватнасьці, адбылося са скаргай Уладзіслава Кавалёва. Маці Ўладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва распавяла, што беларускія ўлады дагэтуль не паведамляюць ёй, дзе пахаваны яе сын, а таксама адмаўляюцца задаволіць іншыя законныя патрабаваньні.

Smertnaya-kazn-v-Belarusi-press-konf-3

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў: «Мы зноў зьяўляемся сьведкамі падрыхтоўкі чарговага забойства. Дзяржава рыхтуе забойства забойцы, але для нас галоўнае ў гэтых словах — менавіта слова „забойства“. Грамадзтва ня можа прыпадабняцца чалавеку, які зрабіў злачынства ў розных абставінах. Грамадзтва мусіць вырашаць праблему цывілізавана і гуманна»

Smertnaya-kazn-v-Belarusi-press-konf-5

Smertnaya-kazn-v-Belarusi-press-konf-6

Тэкст: Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода
Фота: Антон Сурапін

Tags: , , ,

Прокомментируй!


Вы также можете использовать классическую форму комментирования: