Posts Tagged ‘Pomidor/OFF’

Тузiн Unplugged: лайт-прэзэнтацыя новых альбомаў «Красные Звёзды» і «Pomidor/OFF»

На сьнежаньскім канцэрце ў межах праекту «Тузін. Unplugged» выступяць два гурты, якія якраз на канец году падрыхтавалі свае новыя рэлізы. «Красные звёзды» сыграюць у акустычнай вэрсіі песьні з новага альбому «Жівой», у тым ліку новую беларускамоўную «Зорачку», якая абяцае стаць адным зь іх галоўных гітоў. Гурт Pomidor/OFF у сваю чаргу пакажа рэшту з свайго новага дыску «Патас/Попс/Прапаганда» і зайграе ўсімі любімыя гіты.

Гурт «Красные звёзды» ўпершыню запісалі песьню па-беларуску ажно на 17 гадоў сваёй гісторыі. Летась на «Тузіне Гітоў» яна прадставілі кампазыцыю «Безь цябе», якая пазьней увайшла на сынгл гурта «Плёнки» пад назвай «Майская». Лідэр каманды Ўладзімер Селіванаў кажа, што на «Тузін. Unplugged» абавязкова прагучаць песьні з сынглу, а таксама новага альбома «Жівой», які выйдзе неўзабаве. У тым ліку і яшчэ адна новая беларускамоўная — «Зорачка», якая абяцае стаць адным з галоўных гітоў зь сьвежага дыску. «Падрыхтаваная акустычная праграма ня будзе надта розьніцца ад нашай звычайнай у пляне выбару песень. Толькі што выканаем мы свае творы ў больш сьціплым, камэрным, утульным і нават амаль інтымным фармаце», — заўважае лідэр гурта. На сваіх сольных электрычных канцэртах «Красные звёзды» ўсярэдзіне ці пад фінал выконваюць колькі песень у акустыку — каб найбольш шчыльна адчуць сувязь з слухачамі.

Pomidor/OFF плянуе выступіць на «Тузін. Unplugged» у поўным складзе: Аляксандар Памідораў на вакале ды з гітараю, на басу — Сяргей Канановіч, а на бубнах — Зьміцер Харытановіч. «Мы рыхтуем праграму з старых, новых і нават яшчэ зусім нячутых песень. Праўда, пакуль не магу сказаць, у якой прапорцыі між сабой яны будуць суадносіцца. Дакладна, што аранжыроўкі вядомых з электрычнасьці твораў будуць перапрацаваныя», — заўважае Памідораў. Музыкі абяцаюць выканаць такія песьні, як «Быць беларусам», «Радыё» ды «Дзень без гарэлкі», якая хадзіла ў лідэрах на «Тузіне Гітоў» яшчэ сем гадоў таму. Дарэчы, якраз 2 сьнежня можа адбыцца афіцыйны рэліз новага альбома гурта «Патас/Попс/Прапаганда».

Падчас выступаў гледачы змогуць задаць пытанні музыкам. Весьці імпрэзу «Тузін. Unplugged» будзе Алег Хаменка, музыкант і нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў». Да ўсяго, наведнікі канцэрту 2 сьнежня маюць шанец атрымаць прызы ад партнэра «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі».

Канцэрт пачнецца ў 19:00 2 сьнежня (пятніца) у менскім клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16).
Кошт квітка — 50 000 руб. Набыць квіткі можна ў клюбе загадзя з 18:00 да 22:00 штодня, акром суботы і нядзелі. Інфалінія: (029) 638-44-44, (033) 638-44-44, skype, google: Diskoteq, ICQ: 531-07-353.

Тузін Гітоў

. Опубликовано 29 ноября в рубрике Анонсы.  |  Прокомментируй!