Posts Tagged ‘Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў’

Сябры БАЖ павіншавалі Ірыну Халіп з Міжнародным днём салідарнасьці журналістаў

Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў (8 верасня) сябры БАЖ адзначылі разам зь вядомай беларускай журалісткай, спецыяльным карэспандэнтам Новай газэты ў Менску Ірынай Халіп. Пасьля акцыі пратэтсу супраць прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году ў Менску, журналістка была асуджаная на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Менавіта таму Ірына цяпер увесь час знаходзіцца ў Менску вымушаная выконваць умовы прысуду – не пакідаць месца жыхарства, па кожным патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі і КДБ адчыняць дзверы для праверкі яе месца знаходжання, не выходзіць з дому пасьля 22.00.

Гл. таксама: Антон Сурапін [рэдактар BNP.by] віншуе ўсіх калег з Міжнародным днём салідарнасці журналістаў

— Калі мы ідзем на прагулку зь Данькам (5-ці гадовы сын Халіп), ён увесь час клапоціцца пра час, увесь час баіцца, што мы спазьнімся дадому, і мяне зноўку кінуць за краты, – кажа Ірына. — Да гэтага я хіба ніколі не змагу прызвычаіцца. Безумоўна, вельмі нэрвуе, калі яны прыходзяць па некалькі разоў на дзень, калі прыходзяць у 1.00, у 3.00 ночы. Але да ўсяго можна прызвычаіцца. Вось і я стараюся.

За 20 год, якія Ірына працуе журналісткаю, яна ні воднага разу не хацела кінуць сваю працу, заняцца чымсьці іншым. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія спаталіся на ейным шляху, яна шчыра верыць у журналістыку і моц слова.

— Хіба гэта не паказчык – мая сітуацыя. Нас баяцца. А гэта значыць, што ў нас уся моц, у нас вялікая сіла ў рукох – сіла слова. Таму я працягваю пісаць, я працягваю ісьці сваім шляхам. Гэта тое, што я раблю лепш за ўсё; тое, што я да таго ж вельмі люблю.

На 19 ліпеня 2013 году прызначаны суд, дзе будзе вырашацца далейшы лёс Ірыны. Магчымасьцяў усяго тры – пакінуць яшчэ год адтэрміноўкі прысуду, пасадзіць яе за краты ці вызваліць. Да кожнай з гэтых магчымасьцяў журналістка ставіцца спакойна.

— Калі першы раз мяне кінулі за краты, я ўяўляла, што гэта такая камандзіроўка. Ну ведаеце, людзей жа ж высылаюць на вайну, у гарачыя кропкі, у месцы катаклізмаў. Таму я намагалася як найбольш зьбіраць матэрыялу: заўважаць дэталі; адзначаць падзеі і людзей; запамінаць кожную дробязь, што са мной адбывалася. Таму я не зламалася. І не зламаюся. Гэта мая праца, а ў кожнай працы ёсьць свая ступень рызыкі. І я да яе падрыхтаваная.

Ірына Халіп унікальная жанчына, таленавітая і мужная журналістка. Яе ўпэўненасьць пераканоўвае і імпануе. Хіба, менавіта з-за такіх і дзеля такіх журналістаў Дні салідарнасьці абсалютна неабходныя.

Тэкст: Вольга Чарных
Фота: Сяргей Ягела

(6 фота) Смотреть далее »

. Опубликовано 8 сентября в рубрике Событие.  |  Один комментарий