«Рок-Каранацыя» адбудзецца хутчэй за ўсё 31 сакавіка ў Маладзечна
Штогадовая цырымонія ўзнагароджаньня «Рок-Каранацыя» сёлета можа прайсьці ізноў у Палацы культуры Маладэчна. Ужо заплянаваная папярэдняя дата правядзеньня — 31 сакавіка. Арганізатары цырымоніі ўзгадняюць цяпер апошнія дэталі, а журы выбірае пераможцаў. Як паведамляюць у аргкамітэце цырымоніі, прызы будуць уручаныя па 9 намінацыях.
«Рок-Каранацыя» ўжо аднойчы праводзілася ў Маладэчне. Праз тры гады арганізатары цырымоніі вырашылі ізноў правесьці мерапрыемства ў гэтым горадзе. «Тут вельмі добрая заля, жвавая і ўдзячная публіка, для якой наш канцэрт будзе сапраўдным сьвятам», — тлумачыць адзін з арганізатараў Павал Кашырын. Плянуецца, што «Рок-Каранацыя-2011» пройдзе 31 сакавіка 2012 году ў гарадзкім Палацы культуры. Але афіцыйна пра дату і месца правядзеньня будзе абвешчана на наступным тыдні. Тады ж і будуць названыя тыя, хто выступіць у межах цырымоніі.
Пакуль жа з сваім выбарам вызначаецца журы «Рок-Каранацыі». Сёлета будуць уручаць прызы ў 9 намінацыях: шэсьць асноўных і тры спэцыяльныя. Журы будзе вызначаць пераможцаў у наступных намінацыях:
«Рок-гурт году» (галоўны прыз)
«Альбом году»
«Гурт-прарыў»
«Поп-рок гурт году»
«Песьня году»
«Падзея году» (найлепшы канцэрт)
У склад журы ўваходзяць: прадстаўнік ад музыкаў Алег Хаменка, прадстаўнік ад журналістаў Зьміцер Падбярэзскі, рэдактар парталу Ultra-Music Вячаслаў Радзівонаў, а таксама арганізатары цырымоніі Юры Цыбін і Павал Кашырын.
Яшчэ тры ўзнагароды «Рок-князёўна», «За вернасьць жанру» і «Традыцыі ды сучаснасьць» маюць статус «спэцыяльных прызоў» і будуць уручаныя ад арганізатараў «Рок-Каранацыі».
Інфармацыя: Тузін Гітоў
Tags: рок-каранацыя, Рок-Каранацыя ў Маладзечна, Рок-коронация